государственное учреждение образования "Ясли - сад №7 г. Несвижа"

Отдел образования, спорта и туризма Несвижского райисполкома

Беларуская старонка

Зіма


Надышлі марозы, 
Рэчкі закавалі, 
Белыя бярозы 
Шэранем убралі. 

Замялі дарогі 
Ветрыкі снягамі. 
Лес, як дзед убогі 
З доўгімі вусамі. 

Апусціў галіны 
І стаіць журботна, 
Зрэдку верхавіны 
Зашумяць маркотна. 

Мяккая пярына 
Вочы адбірае. 
Белая раўніна - 
Ні канца, ні краю. 

Пад пялёнкай белай 
Травы і лісточкі. 
Рэчка анямела, 
Змоўклі ручаёчкі. 

Амярцвелі лозы, 
Чуць галлём хістаюць, 
А ў палях марозы 
Ды вятры гуляюць. 

Якуб Колас

На рэчцы зімою


Урывак 
Не сядзіцца ў хаце 
Хлопчыку малому; 
Кліча яго рэчка, 
Цягнуць санкі з дому... 

Якуб Колас



Завіруха


У бубны дахаў вецер б'е, 
Грыміць па ім, звініць, пяе, 
І спеў ліецца ўсё мацней, - 
Гулянку справіў пан Падвей. 

У бубны дахаў вецер б'е, 
Грыміць па ім, звініць, пяе. 
Ўскіпела снежнае віно, 
І белай пенай мкне яно. 

У бубны дахаў вецер б'е, 
Грыміць паім, звініць, пяе. 
Па вулках вее дзікі хмель, 
Гудзіць сп'янелая мяцель. 

У бубны дахаў вецер б'е, 
Грыміць паім, звініць, пяе. 

Максім Багдановіч



Зімовая дарога


Шпарка коні імчацца ў полі, 
Сумна бомы гудзяць пад дугой, 
Запяваюць аб долі і волі, 
Навяваюць у сэрцы спакой. 

Ўюцца змейкай срабрыстай дарожкі, 
Брызгі золата ў небе блішчаць, 
І маркотныя месяца рожкі 
Праз марозную мглу зіхацяць. 

Поле нікне ў срэбным тумане, 
Снег блішчыць, як халодная сталь, 
І лятуць мае лёгкія сані, 
Унашуся я ў сінюю даль. 

Максім Багдановіч



Сняжынкі


Сняжыначкі-пушыначкі 
Ляцелі матылькамі, 
Над хмызамі над шызымі 
Дыміліся дымкамі. 

Зіхцеліся, мігцеліся 
У розныя калёры. 
Драбнюткія, пякнюткія, 
Як зоранькі, як зоры. 

Насіліся, кружыліся 
Над ціхімі палямі. 
Даліначкі сняжыначкі 
Пакрылі дыванамі. 

Над елкамі, над хвойкамі 
Спявалі песні-баі: 
"Мы хатачкі-палатачкі 
будуем тут у гаі. 

Маленькія, міленькія, 
Дзіцяткі-птушаняткі, 
Ляціце вы, скачыце вы 
У светленькія хаткі! 

Вушастыя, пушыстыя, 
З драцінкамі-вусамі 
Вы, зайчыкі-малойчыкі, - 
У хаткі к нам таксама!" 

Сняжыначкі-пушыначкі 
Спявалі песні-баі: 
"Мы хатачкі-палатачкі 
будуем тут у гаі". 

Змітрок Бядуля



Дзесяты падмурак


Урывак 
Падаюць сняжынкі - 
дыяменты росы, 
Падаюць бялюткі 
за маім акном... 

Расчасалі вішні 
шоўкавыя косы 
І ўранілі долу 
снегавы вянок. 

Дзесьці ў прасторах 
празвінелі бомы, 
Дацвілі пялёсткі 
нейчае тугі... 

І здаецца зноўку - 
еду я дадому 
Пераведаць родных, 
блізкіх, дарагіх. 

Адхінае вечар 
тонкія мярэжы, 
На акне альвасы 
дагарэлі ў сне, 

А ў душы квяцістасць, 
і такая свежасць, 
І з вачэй усмешкі 
сыплюцца на снег. 

Зноў зіма паслала 
снежныя кілімы, 
Зажурыла беллю 
паплавы, лугі, 

І прыходзіць радасць 
у красе маўклівай. 
Адплываюць хвілі 
смутку і тугі... 

А сняжынкі сеюць 
кволую імглістасць, 
Падаюць бялюткі 
за маім акном, 

І цвіце на вішнях 
снежная ўрачыстасць, 
Сцелецца на скронях 
перад раннім сном. 

Хочацца навеяць 
казкі-таямніцы 
Гукамі мелодый, 
радасцю без слоў. 

І застылі цені 
у маёй святліцы, 
Засынаю... Сніцца 
роднае сяло. 

Паўлюк Трус



Сцюжа скокі пачала,


Паскакала да сяла, 
Сіганула цераз лес, 
Наляцела на экспрэс, 
Да мястэчка дакаціла. 
Сцюжа - моц! У сцюжы - сіла. 
Хай сваволіць, хай злуе! 
Не баюся я яе. 

С. Сокалоў-Воюш



Зіхатлівыя сняжынкі


Па зямельцы Дзед Мароз 
Поўны мех сняжынак нёс. 
Рассяваў іх па палях, 
Па лясах і па лугах, 
Рассяваў па ўсіх сцяжынках 
Зіхатлівыя сняжынкі, 
Каб святлей было на свеце, 
Каб гулялі з імі дзеці. 

Пятро Сушко



Госці


Новы год - і госці зранку 
Прыляцелі ў сад да Янкі, 
Снег ідзе, мароз трашчыць, 
Цяжка птушкам бедным жыць. 
У кармушках каля хаты - 
Крошкі хлеба і зярняты. 
Тут сініцы, снегіры, 
Хоць у рукі іх бяры: 
Не баяцца госці-птушкі 
Тых, хто робіць ім кармушкі. 
І малюе іх даўно 
Янка, гледзячы ў акно. 
Новы год - мароз трашчыць, 
Ды лягчэй і птушкам жыць. 

Міхась Сазончык



Чароўны абрус


У маёй бабулі 
Ёсць абрус чароўны. 
Ёй яго падарыў 
Снегавік галоўны. 

Ён рассыпаў на абрусе 
Крохкія сняжынкі, 
Па краях запаліў 
Зорачкі-імглінкі. 

Разматаў на ніткі 
Снежныя клубочкі - 
Паляцелі па абрусе 
Птушкі-галубочкі. 

Потым асцярожна зняў 
Ён узоры з лужын - 
Даў у дзюбкі галубкам 
Снежныя ружы. 

Накрухмалілі абрус, 
На стол засцілаюць. 
І вы чуеце? Ільдзінкі 
Хрумсцець пачынаюць. 

Галіна Багданава



Загадка


Носіць ён кажух чырвоны 
І прыходзіць раз у год, 
Каля ёлачкі зялёнай 
З дзецьмі водзіць карагод. 
(Дзед Мароз) 

Ірына Чарняк



Кажух


Дзед Мароз 
Прыйшоў да нас 
- Добры дзень! 
Якраз у час. 
Ледзьве пераводзіць дух: 
- Дужа душны 
Мой кажух, - 
Дзед з усмешкаю гаворыць, 
Падарункі шчодра дорыць. 

- Дай, кажу, - 
Кажух казе, 
Белай холадна ў лазе. 
Паглядзі, дрыжыць каза, 
Быццам на шчацэ сляза 
Ці ільдзінка ў барадзе. 
Дзед і запытаўся: 
- Дзе 
Тая белая каза 
І азяблая лаза? 
Сам па гурбах 
Шлях прамераў. 
Глянуў я - 
Ані куста, 
Ні казінага хваста 
Ні відаць. 
Накрыў кажух 
І казу ў лазе 
І луг. 

Рыгор Барадулін



Кружацца сняжынкі


Хто там шустры скача? 
Ціха снег рыпіць - 
Гэта зайка з дачы 
Праз лясок бяжыць. 

Кружацца сняжынкі, 
Нібы ў дзіўным сне. 
Зайка для Дарынкі 
Торбачку нясе. 

А ў ёй - пажаданні 
Добраю расці, 
Быць заўжды стараннай, 
Шчырай у жыцці. 

Хоча ён з Дарынкай 
Сам на Новы год 
Хоць бы на хвілінку 
Стаць у карагод. 

Міхась Пазнякоў



Пад Новы год


Кожны раз пад Новы год 
Ладзяць ёлкі карагод, 
Потым разбягаюцца - 
З дзецьмі сустракаюцца. 

З белым снегам на галінках 
І да нас прыйшла ялінка, 
Мо сама, а мо прынёс 
Добры, шчодры Дзед Мароз. 

У яго святочным клунку 
Многа розных падарункаў. 
Гэта - радасці крыніца, 
Будзем разам весяліцца. 

Фама Ляшонак



Дзед Мароз


Ёлка. Ззяе хата. 
Падарункаў - воз 
Нам прывёз на свята 
Добры Дзед Мароз 

Шчокі падфарбуе, 
Ушчыкне за нос, 
Бегчы патрабуе 
Моцны Дзед Мароз. 

Абяліў пагоркі, 
Снегу шмат нанёс 
На каткі і горкі 
Дужы Дзед Мароз. 

Пойдзем мы на горку 
Ці на лыжны крос - 
Будзе й там вясёлы 
Спрытны Дзед Мароз. 

Дзеці, адгадайце: 
Свята хто прынёс? 
Ведаем і скажам 
Гучна: "Дзед Мароз!" 

Уладзімір Мацвеенка (трохі апрацаваны)



Ёлка-вясёлка


Надвячоркам у бары 
Гуртам збегліся звяры, 
Каб наладзіць карагод 
І паклікаць Новы год. 

Падказаў адразу Лось: 
- Побач тут палянка ёсць, 
На ёй ёлка гожая, 
Стройная, прыгожая... 

Першым шэры Воўк прыбег 
І вакол расчысціў снег. 
Тут Вавёрка з дрэва - скок, 
Развязала свой мяшок: 

- Ёсць грыбы, арэхаў з дзесяць, 
Трэба будзе іх развесіць... 
Прапішчала з норкі мышка: 
- А ў мяне старая шышка. 

Зай тры морквіны прынёс 
І расчуліў аж да слёз, 
Як сказаў: "На жаль, сябры, 
Засталося толькі тры..." 

А Лісіца ўздыхае: 
- Нам чагосьці не хапае... 
- Паглядзіце! - крыкнуў хтосьці, - 
Дзед Мароз шыбуе ў госці!.. 

Дзед як выйшаў на паляну, 
На звяроў з усмешкай глянуў: 
- Не сумуйце! Як магу, 
Вам, сябры, дапамагу. 

Ёлку ён паварушыў, 
Шэранню прыцярушыў 
І паклікаў: 
- Снегіры, 
Не хавайцеся ў бары, 
На паляну прылятайце 
І на ёлачку сядайце! 

Прыляцелі снегіры, 
Як чырвоныя шары, 
І, нібыта на арэлі, 
На галінкі важна селі. 

Упрыгожаная ёлка 
Зазіхцела, як вясёлка. 
І запляскалі ўсе ў ладкі, 
І наўкруг пайшлі ўпрысядкі... 

Уладзімір Мацвеенка



Карагод


У бары 
Пал Новы год 
Звяры 
Ладзяць карагод. 
Глянь, 
Паўсталі цесна ў круг 
Лань, 
Вавёрка і Вяпрук, 
Касавокі 
Зай з Ваўком, 
Рудабокі 
Ліс з Катом. 
Ім 
Сягоння Дзед Мароз 
Падарункі ўсім 
Прынёс. 
Толькі 
Пагулялі ледзь, 
Нехта ўспомніў: 
- Дзе ж Мядзведзь? 
У бярлозе, 
Ля сасны, 
Сніць 
Аб Новым годзе 
Сны. 

Новы год


Новы год, Новы год - 
Радасны, вясёлы, 
Водзім карагод 
Мы ля ёлкі сёння. 

Ёлка ззяе, свеціцца 
Яркімі агнямі, 
Нам ужо не верыцца, 
Што прыбралі самі. 

Вікторыя Верабей



У лесе


Добра ў лесе зімою! 
Снег іскрысты блішчыць, 
Цешыць лес цішынёю, 
Быццам сонны стаіць. 

Толькі зайка бялёсы 
Тут пакіне свой след, 
Ноччу бліжай да вёскі 
Выйдзе воўк на абед. 

Дзед Мароз выбірае 
Ў лесе ёлку як раз - 
І на свята спяшае, 
Каб парадаваць нас. 

Павал Каткавец



Снежань


Снежак смех. 
Санак след. 
Снежна. Санна. Свежа. 

Цінькае сініца 
У асінніку. 

Па-над плошчай, 
Дзе на варце часу - вежа, 
Заінелі стрэлкі 
На гадзінніку. 

Анатоль Вялюгін



 

Смачная ёлка


Дзеці ў школьнай зале 
Ёлку прыбіралі. 
Начаплялі новых 
Цацак каляровых. 
Ёлка ўдзячна Жэньку 
За арэшкаў жменьку. 
Падарыла Верка 
Зорачкі цукерак. 
І павесіў Янак 
З макам абаранак. 
Ззяе, як вясёлка, 
Смачнай стала ёлка. 

Ала Кажэра



Пінгвін і карціна


У святочны дзень 
Пінгвіну 
Падарыў сусед карціну. 
Разабраў пінгвіна смех, 
Бо навокал толькі снег - 
І няма куды 
Пінгвіну 
Вешаць гэтую карціну. 

Уладзімір Марук



Зімовая калыханка


Лес спявае калыханку 
Рэчцы і ракітам, 
Каб заснулі яны ранкам 
Ціхім сном блакітным. 

І прыносіць вецер лесу 
Калыханкі-спевы, 
Каб заснулі да прадвесня 
Ўсе лясныя дрэвы. 

Уначы спявае месяц 
Зоркам сінявокім: 
"Пакуль сонейка не свеціць, 
спіце сном глыбокім". 

А мароз трашчыць на ганку, 
Цёпла ў нашай хаце, 
Я спяваю калыханку 
Сваёй ляльцы Каці. 

Вера Вярба



Зімой


Пад снягамі спіць багун, 
Бор сцярожка слухае. 
Да лугоў наўпрост бягуць 
Зайцы даўгавухія. 

Абступаюць стог-таўстун, 
Толькі шолах чуецца. 
Сенам пахне за вярсту - 
Белякі ласуюцца. 

Дасць у ноздры водар-пах - 
Як жа тут не чыхнуць! 
Вартавымі па пяньках 
Заяц ды зайчыха. 

Ды не бачаць, як мароз 
Па снягах-палотнах 
Ціха крочыць між бяроз: 
-- Зайцаў напалохаю!.. 

І ля самае зямлі, 
Там, дзе след іх выстрачан, 
Глуха грымне у камлі, 
Як са стрэльбы выстраліць. 

Дзе падзенешся, дружок, -- 
Ні кала, ні кусціка! 
Касавокія наўцёк 
Па сумётах пусцяцца. 

Доўга сэрца не суняць 
У бары трывожным. 
Ну а ранкам сена сняць 
І лугі мурожныя. 

Шчодры вечар


Надышлі калядныя дзянькі - 
Адзвінелі на катку канькі. 

Вечарам ля кожнага двара 
"Шчодрыкі" спявае дзетвара. 

І спадае з неба белы пух, 
Каб святлейшым стала ўсё наўкруг. 

Дзякуй Богу, добры снег ідзе, 
Шчодры вечар Каляду вядзе! 

Хведар Жычка



Першы снег


Лыжа ліжа белы снег, 
На лыжні - вясёлы смех, 
Шчокі ружавеюць - 
Лыжы хлопцаў грэюць. 
Там на саначках з гары 
Пакаціліся сябры, 
Шчокі ружавеюць - 
Санкі хлопцаў грэюць. 
Колькі радасці і ўцех 
Зычыць хлопцам першы снег, 
Шчокі ружавеюць - 
Іх сняжынкі грэюць. 

Авяр'ян Дзеружынскі



Сані


- Хто вас гоніць 
З горкі, сані? 
- Ды ніхто, 
Бяжым мы самі. 
- А чаго вам 
Так спяшаць? 
- Трэба верачку 
Катаць. 

Авяр'ян Дзеружынскі



Сляза


На вуліцы ціха сягоння. 
Лаўлю я сняжынкі рукой. 
Адна з іх на цёплай далоні 
Растала - і стала слязой. 

Мікола Чырык



Зіма


Уздоўж дарогі спяць бярозы, 
Навіслі хмары над зямлёй. 
То кружаць белыя стракозы, 
То белых пчол садзіцца рой. 
Нідзе ні лісціка зялёнага, 
У срэбры дрэвы і дамы. 
Я ў тую казку ўлюбёная, 
Святкую надыход зімы. 

Лёля Багдановіч



Воўк


Воўк спалохаўся зімы - 
Стаў самотны і нямы, 
Пад ялінай замярзае 
І вясны хутчэй чакае. 
А вясна яшчэ далёка. 
Для ваўка куплю валёнкі: 
Ён не будзе замярзаць... 
Як ваўку іх перадаць? 

Сяргей Чыгрын



Мае канькі


Адзяю хутчэй канькі 
І да рэчкі - нацянькі. 
Там празрысты звонкі лёд, 
Там вясёлы карагод. 
Я размахваю рукамі, 
Я пабліскваю канькамі. 

Быццам вецер, 
Разганюся, 
Закручуся, 
Развярнуся. 
Лёд іскрыцца, звоніць. 
Хто мяне дагоніць? 

Данутаа Бічэль

Есть вопрос или комментарий?..


Ваше имя Электронная почта
Получать почтовые уведомления об ответах:

| Примечание. Сообщение появится на сайте после проверки модератором.


Вернуться в раздел Беларуская старонка

Контакты

2018 ГОД МАЛОЙ РОДИНЫ

Несвижский ООС и Т

МОГИЛЁВ- молодежная столица 2018